102 гады таму, 27 лістапада 1920 года, у Слуцку пачалося паўстанне, удзельнікі якога выступалі за незалежнасць Беларусі пад бел-чырвона-белым сцягам. Тлумачым, чаму яно пацярпела паразу, але ўсё роўна стала адной з найважнейшых падзей у нашай гісторыі, якой беларусы могуць ганарыцца.
БНР, не прызнаная суседзямі
Узброеная барацьба за свабоду — для Беларусі не рэдкасць. Гэта, напрыклад, выступленне пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы ў сярэдзіне XVIII стагоддзя — тады жыхары Крычаўшчыны змагаліся супраць магутнага князя Радзівіла (пра гэта можна прачытаць у аповесці Уладзіміра Арлова «Міласць князя Гераніма»). Паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі ў канцы таго ж стагоддзя — апошняя спроба захаваць Рэч Паспалітую. Было і шмат іншых падобных падзей. Але далёка не ўсе з іх сталі вызначальнымі ў гісторыі. А Слуцкае паўстанне — стала.
За два з паловай гады да яго пачатку, у ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года, была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Яе лідары шмат зрабілі для беларусаў: адкрывалі школы, дзе выкладанне ішло на роднай мове, публікавалі беларускамоўныя падручнікі, выдавалі пашпарты, па якіх беларусы маглі выязджаць за мяжу і жыць у краінах Заходняй Еўропы. Але дзейнасць БНР адбывалася на фоне акупацыяў (нямецкай, польскай, савецкай), што мянялі адна адну. Гэтыя краіны выступалі супраць беларускай дзяржаўнасці. Праз іх супрацьдзеянне, а таксама праз нізкі ўзровень самасвядомасці насельніцтва ўлады БНР не паспелі распрацаваць паўнавартаснае заканадаўства, не змаглі стварыць судовую сістэму і войска, збіраць падаткі і наладзіць кантакты з фінансавай элітай.

У выніку кіраўніцтву БНР давялося з’ехаць з краіны. Тым часам на тэрыторыі Беларусі ішла савецка-польская вайна. Некаторыя польскія палітыкі выступалі за поўнае ўключэнне беларускіх земляў у сваю дзяржаву (яна зноў з’явілася на карце свету пасля распаду Расійскай імперыі), іншыя — за стварэнне федэрацыі пад гегемоніяй Польшчы. Бальшавікі ж імкнуліся аднавіць кантроль над былымі тэрыторыямі імперыі і саветызаваць іх. Пазней стаўка была зробленая на саветызацыю Польшчы і сусветную рэвалюцыю ў Еўропе.
Дамагчыся вырашальнага поспеху ніхто з сапернікаў не здолеў, а таму яны пайшлі на перамовы, якія адбыліся ў Рызе. 12 кастрычніка 1920-га РСФСР і Польшча падпісалі дамову аб перамір'і і папярэдніх умовах міру. Паводле іх Беларусь дзялілася паміж дзвюма краінамі: мяжа мусіла прайсці па пунктах Дзісна — Докшыцы — рака Случ і далей па тэрыторыі Украіны.
Прадстаўнікоў БНР на перамовы не пусцілі. Дэлегатаў ад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР), абвешчанай у піку БНР пад кантролем Масквы, прымусілі перадаць свой мандат расійскай дэлегацыі. Пагроза падзелу Беларусі зрабілася рэальнай.
Пачатак барацьбы
У такіх умовах на ўзброеную барацьбу падняліся жыхары Случчыны. Чаму менавіта яны? Гісторык Уладзімір Ляхоўскі, аўтар прадмовы да зборніка «Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах», вылучаў комплекс прычын.
Першая сусветная вайна і выкліканае ёй бежанства практычна не паўплывалі на развіццё рэгіёна. Дэмаграфічныя страты Слуцкага павета за 1914−1919 гады складалі ўсяго 4,6% насельніцтва. То-бок мясцовае сялянства было дастаткова заможным, ім усё яшчэ было што страчваць. У дадатак вырашаныя матэрыяльныя пытанні часта дазвалялі задумацца і пра больш высокія матэрыі, што прыводзіла да росту нацыянальнай самасвядомасці сярод мясцовага насельніцтва.
Пагроза страты нажытай жыхарамі маёмасці існавала з боку як бальшавікоў, так і палякаў. Першыя адвярнулі ад сябе сялян прымусовай мабілізацыяй у Чырвоную армію, а таксама рэквізіцыямі правіянту і фуражу. Паводле папярэдняй дамовы мяжа мусіла прайсці на захад ад Слуцка. Значыць, рэгіён павінен быў стаць часткай «рэспублікі Саветаў» — мясцовыя жыхары гэтага не хацелі.
У той жа час сярод насельніцтва Случчыны пераважалі праваслаўныя, якія не адчувалі асаблівых сімпатый да каталікоў-палякаў і не былі носьбітамі польскай самасвядомасці. Да апошніх адносіла сябе частка мясцовых жыхароў, якім да Першай сусветнай вайны належала да 60% сельскагаспадарчых плошчаў. Многія такія землі пасля 1917 года былі за бесцань прададзеныя каталікамі або захопленыя іншымі, бяднейшымі, сялянамі «па праве рэвалюцыі». Апошняя акалічнасць спрыяла таму, што ў рэвалюцыйныя гады ўзровень жыцця беларусаў тут вырас (паўторымся, ім цяпер было што страчваць). Таму сяляне былі настроеныя на ліквідацыю рэшткаў польскай зямельнай манаполіі.

11 кастрычніка 1920 года Слуцк занялі польскія войскі, а ўжо на наступны дзень была падпісаная папярэдняя Рыжская дамова. На горад палякі не прэтэндавалі, а таму не сталі перашкаджаць скліканню павятовага сходу — З’езду Случчыны, што адбыўся 14−15 лістапада 1920 года. 107 яго дэлегатаў прадстаўлялі воласці і мястэчкі, а таксама розныя арганізацыі і канфесіі.
З’езд абвясціў, што бярэ ўладу ў рэгіёне ў свае рукі, і сфармаваў Раду Случчыны ў складзе 17 чалавек. Яе ўзначаліў 37-гадовы мясцовы суддзя Уладзімір Пракулевіч. Быў выказаны пратэст супраць акупацыі Беларусі бальшавікамі. А вось у дачыненні да палякаў Рада разважліва прамаўчала, бо ў краі ўсё яшчэ стаялі польскія войскі. Улічваючы гэтую акалічнасць, а таксама жадаючы аслабіць саперніка, мясцовае польскае камандаванне таксама заняло нейтралітэт.
Тым часам «тройка», у якую ўваходзілі Павел Жаўрыд, паручнік Іван Мацэля і капітан Анастасій Анцыповіч, пачала фармаваць войска. Пазней Рада заявіла, што ўся Беларусь павінная быць незалежнай народнай рэспублікай у сваіх этнаграфічных межах. Уладам у Маскве, гэта, вядома, не спадабалася — канфлікт быў блізкі да пераходу ў гарачую стадыю.
Партызанка супраць Чырвонай Арміі
У той момант у Слуцку жыла надзея на поспех. У Мазыры генерал Станіслаў Булак-Балаховіч абвясціў сябе «начальнікам Беларускай Дзяржавы» (праўда, яго выступленне неўзабаве было задушанае), на Міншчыне адбываліся іншыя сялянскія паўстанні. Сярод случчакоў панавала надзея, што ім прыйдуць на дапамогу. Нядзіўна, што ад 7 да 10 тысяч чалавек — велізарная лічба для невялікага рэгіёна — прыйшлі добраахвотна запісвацца ў беларускае войска. «Амаль што дня ў Семежава (месца збору брыгады. — Заўв. рэд.) прыбывалi абозы з усiм патрэбным i звычайна на першым возе красаваўся бел-чырвона-белы сьцяг», — успамінаў адзін з удзельнікаў паўстання (цытата паводле зборніка «Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах»).
Але энтузіязм гэтых людзей сутыкнуўся з сумнымі рэаліямі. Войску не хапала камандзіраў (мясцовыя кадравыя афіцэры не верылі ў поспех справы і адмаўляліся далучацца да паўстанцаў) і зброі. Таму многім добраахвотнікам давялося проста вярнуцца дадому. Як адзначаў Уладзімір Ляхоўскі, паводле розных падлікаў, колькасць паўстанцаў у выніку складала ад 1 да 4 тысяч чалавек, але ўсё роўна больш чым палова з іх была бяззбройная.
Гэтыя людзі ўвайшлі ў склад Слуцкай брыгады, якая дзялілася на два палкі: 1-ы Слуцкі і 2-і Грозаўскі (па назве вёскі Грозава). У кожным з палкоў было па тры батальёны, у кожным з апошніх — па тры роты.
«Гэта была тая самая, на скорую руку сабраная з добраахвотнікаў — слуцкіх міліцыянераў, чырвонаармейскіх і белагвардзейскіх дэзерціраў, кадравых афіцэраў, вакольных сялян, парэштак атрада інтэрніраванага Булак-Балаховіча, партызан „зеленадубцаў“, навучэнцаў трох слуцкіх гімназій, — і ўсё адно няпоўная яшчэ Слуцкая брыгада, першае за ўсю беларускую гісторыю вайсковае фарміраванне, якое прамым тэкстам на ўвесь свет аб’явіла, што з гэтага часу ўзброеным чынам збіраецца выступаць на абарону не нейкай аморфнай „Бацькаўшчыны ў складзе матухны-Расеі ці Польшчы“, а менавіта Беларускай Рэспублікі як самастойнай юрыдычна-дзяржаўнай адзінкі.
Тая самая брыгада, якая неўзабаве разрасцецца да трох палкоў і больш чым на месяц прыкуе да сябе ўвагу Эўропы, брыгада, што ў многім прымусіць свет лічыцца з Беларуссю як з краінаю і дакажа, што любое змаганне, падмацаванае ідэяй і вераю (якім бы няроўным і бессэнсоўным адносна канчатковага выніку яно ні здавалася), абавязкова — рана ці позна — дасць плён».
Андрэй Федарэнка, аповесць «Нічые»
Першы бой паўстанцаў з Чырвонай арміяй адбыўся 27 лістапада каля вёскі Васільчыцы (цяпер у Капыльскім раёне). Паўстанцы святкавалі поспех і выбілі праціўніка з населенага пункта.
Усяго ж за месяц з лішнім Слуцкая брыгада ўдзельнічала больш чым у дзесяці баях супраць рэгулярных войскаў Чырвонай арміі. Пераважна гэта былі партызанскія дыверсіі. Пасля ўдалых баёў случчакі звычайна адступалі на 30-кіламетровую нейтральную паласу, якая дзяліла войскі палякаў і бальшавікоў. Паводле папярэдняй дамовы дзейнасць «антызаконных» ваенных фарміраванняў там была забароненая, але палякі глядзелі на такое парушэнне скрозь пальцы. Пасля чарговых поспехаў паўстанцаў цярпенне бальшавікоў лопнула, і яны кінулі на Случчыну дзве свежыя дывізіі, што зрабіла суадносіны сіл яшчэ больш няроўнымі.
У гэтых умовах сярод саміх паўстанцаў абвастрыліся супярэчнасці. Частка з іх настойвала на спыненні барацьбы, іншыя заклікалі пераходзіць да партызанскіх дзеянняў.
Тым часам Чырвоная армія здолела націснуць на палякаў — і тыя выставілі паўстанцам ультыматум. У выніку 30 снежня 1920 года асноўная частка Слуцкай брыгады (больш за 1,5 тысячы чалавек) перайшла раку Лань, была абяззброеная і інтэрнаваная польскімі ваеннымі ўладамі. Гэтыя паўстанцы выйшлі на свабоду толькі вясной 1921 года. Некалькі сотняў байцоў усё ж засталіся на Случчыне і нейкі час працягвалі партызанскую барацьбу, але ў цэлым выступленне на гэтым спынілася.
Паўстанне ці Збройны чын?
Выступленне ўвайшло ў гісторыю пад дзвюма назвамі: Слуцкае паўстанне і «Слуцкі збройны чын». Апошнюю назву актыўна выкарыстоўвала беларуская эміграцыя. У гэтым была свая логіка: падзеі, якія адбыліся на Случчыне, не зусім падыходзяць пад вызначэнне «паўстанне». Гэта выступ супраць дзейнай улады, якая кантралюе пэўную тэрыторыю. Але ў пачатку выступлення Случчына не ўваходзіла ў склад Расіі, на яе тэрыторыі першапачаткова не было бальшавіцкіх атрадаў. Зрэшты, абодва тэрміны карэктныя. Але ў цэлым гэта ўнікальны выпадак: людзі падняліся на барацьбу яшчэ да акупацыі.
Ці маглі паўстанцы перамагчы? Усё ж не.
Супраць іх дзейнічала рэгулярная армія, якая перамагла белых падчас Грамадзянскай вайны ў Расіі. Беларусы выставілі пад ружжо ўсіх, каго змаглі. Чырвоная армія магла прыцягнуць новыя рэзервы. Да таго ж бальшавікі выкарыстоўвалі ў барацьбе вельмі жорсткія метады.
«У Беларусі асаблівай жорсткасцю вызначаўся карны аддзел камісара Стока. Каб пазбавіць паўстанцаў падтрымкі з боку родных і сваякоў, савецкая ўлада ўжывала практыку гвалтоўных высяленняў „бандыцкіх“ сем’яў у цэнтральныя рэгіёны Расіі за сотні кіламэтраў ад родных месцаў. Канфіскаваную маёмасць „бандыцкіх прыспешнікаў“ размяркоўвалі паміж „чэсных грамадзянаў“», — пісаў Уладзімір Ляхоўскі.

Жыхароў Случчыны не падтрымалі іншыя рэгіёны Беларусі, змагацца з бальшавікамі астатнія жыхары краіны не наважваліся. Толькі ў лістападзе на тэрыторыі сучаснага Дзяржынскага раёна чатыры дні існавала Койданаўская рэспубліка, але гэтага было замала. У астатніх рэгіёнах да спробаў узяць уладу ў свае рукі справа не дайшла (спроба Булак-Балаховіча ўсё ж была інспіраваная звонку). На думку Уладзіміра Ляхоўскага, не знайшлося сур’ёзнай палітычнай арганізацыі, якая змагла б аб’яднаць разрозненыя ачагі антыбальшавіцкага супраціву ў барацьбе за нацыянальную незалежнасць.
Слуцкія паўстанцы так і не атрымалі дапамогі ні ад Найвышэйшай Рады БНР, у якой на гэта не было рэсурсаў, ні ад Польшчы, у якой у гэтай сітуацыі былі свае інтарэсы. Польскія вайскоўцы прысутнічалі на З’ездзе Случчыны і нават абяцалі падтрымку паўстанцам. Але, як пісала гісторык Ніна Стужынская ў кнізе «Беларусь мяцежная. З гiсторыi ўзброенага антысавецкага супрацiву ў 20-я гг. XX стагоддзя», польскія агенты пачалі распаўсюджваць на Случчыне ўлёткі. У іх быў заклік, каб мясцовыя землі сталі часткай Польшчы, бо менавіта гэтая краіна нібыта з’яўляецца іх «роднай маці». Кіраўнікі паўстання загадалі затрымліваць агентаў. Палякі зразумелі, што ў беларусаў іншыя мэты, і асадзілі назад.
У пратаколе пасяджэння Слуцкай Рады ад 30 студзеня 1921 года сцвярджалася, што польскія ўлады спецыяльна ставілі паўстанцам перашкоды, баючыся пашырэння руху. Адзінае, што яны атрымалі ад Захаду, — «100 пудоў збожжа ад цывільнай улады і 300 карабінаў з патронамі і 3 кухні ад вайсковых часьцей».
«Дзіўна было бачыць разгубленым «жалезнага» Жаўрыда. Ён сядзеў не па цэнтры стала, хоць там было яму месца, а прымасціўся на лаўцы каля дзвярэй, нават і не на лаўцы — з краю лаўкі… На плошчы гаварылі праўду. Ён вярнуўся ні з чым, пабываўшы і ў Варшаве, і ў Лодзі, і ў Горадні, і ў Баранавічах. Ніхто не даў нідзе абсалютна нічога. Значыць, не будзе ні зброі, ні амуніцыі. Не будзе тыпаграфіі — «паэтычная душа» Косцевіч (Макар Краўцоў) на вольным родным сваім прасторы ў Лодзі прайграў у карты грошы, на яе сабраныя. Так і не дайшлі да Семежава, недзе ў глухіх лясах заблукаўшы, глускія атрады… Словам, нічога з таго, што з такім імпэтам абяцалася <…> нічога не атрымалася. Было ад чаго павесіць галаву.
Андрэй Федарэнка, аповесць «Нічые»
Пачатак паўстання — Дзень герояў

Здавалася б, паўстанне цалкам прайграла. 18 сакавіка 1921 года быў падпісаны канчатковы Рыжскі мір, паводле якога тэрыторыя Беларусі на два дзесяцігоддзі была падзеленая на дзве часткі.
Большасць удзельнікаў Слуцкага паўстання былі пазней рэпрэсаваныя, а сама падзея на доўгія гады забылася. Толькі з канца 1980-х гадоў 27 лістапада пачало неафіцыйна адзначацца ў Беларусі як Дзень герояў.
Чаму ж тады Слуцкае паўстанне стала адной з вызначальных падзей у беларускай гісторыі?
У рэаліях стогадовай даўніны сам факт яго існавання паказаў, што ідэя БНР не была абстракцыяй і што людзі былі гатовыя змагацца за незалежную краіну са зброяй у руках — і рабілі гэта на практыцы.
Але існуе яшчэ адна акалічнасць, актуальная і ў нашыя дні. Як адзначаў Уладзімір Ляхоўскі, гэта быў адзін з рэдкіх фактаў у найноўшай беларускай гісторыі, «калі грамадскія аб’яднанні па інтарэсах народных масаў злучыліся з ідэяй беларускага вызвольнага руху». Іншымі словамі, жаданне жыць лепш супала з тым, што гэта магчыма рэалізаваць толькі ў незалежнай беларускай дзяржаве, дзе ўсе пытанні будзе вырашаць сам народ, а не яго суседзі.
Цягам ХХ і ХХІ стагоддзяў шматлікія пратэсты беларусаў цярпелі паразы ў тым ліку таму, што грунтаваліся толькі на адным з гэтых фактараў — сацыяльным або нацыянальным (ці палітычным). А перамога магчымая толькі пры іх спалучэнні.
Тое паўстанне скончылася паразай, але паказала дарогу, па якой беларусы рушылі далей.
Чытайце таксама


