Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


МУС абнавіла спіс нацысцкіх арганізацый, сімволікі і атрыбутыкі. Цяпер там ёсць лозунг «Жыве Беларусь!» — дакладней, як гаворыцца ў афіцыйнай фармулёўцы, «вокліч «Жыве Беларусь», які суправаджаецца ўзняццем правай рукі з выпрастанай далонню, і адказ «Жыве». За публічнае вымаўленне гэтых словаў цяпер можна будзе прыцягваць да крымінальнай адказнасці (праўда, незразумела, ці будзе гэтак жа трактавацца гэтая фраза без суправаджэння якімі-небудзь жэстамі). Расказваем, як з’явіўся знакаміты лозунг, хто яго выкарыстоўваў і ці ёсць насамрэч падставы ўключаць яго ў спіс.

Ідэя Купалы, прызнанне ад Лукашэнкі

Гісторыкі шукаюць вытокі з’яўлення гэтага лозунга-дэвіза яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Але калі абапірацца выключна на дакументы, то ўпершыню гэтае спалучэнне выразна зафіксаванае ў фінале верша Янкі Купалы «Гэта крык, што жыве Беларусь». Дакладная дата яго напісання невядомая. Даследчыкі вызначаюць яе як 1905−1907 гады — акурат у гэты час у Расійскай імперыі адбывалася рэвалюцыя.


А вот як не любіць гэта поле, і бор,

І зялёны садок, і крыклівую гусь!..

А што часам тут страшна заенча віхор, —

Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!


Дзякуючы той рэвалюцыі беларусы атрымалі права выдаваць СМІ на роднай мове. Так з’явілася газета «Наша Доля», затым — «Наша Ніва». Аўтары апошняй актыўна выкарыстоўвалі гэты выраз. У 1911-м у рэдакцыйнай нататцы «Нашай Нівы» адзначалася наступнае (цытуем з захаваннем арфаграфіі): «Расьце беларускі нацыянальны рух, будзяцца да новага, уласнага жыцьця забытыя ўсімі ўбогія беларускія вёскі; будзяцца і пачынаюць пазнаваць свае нацыянальнае імя нашы мястэчкі і месты. Будзіцца аграмадны крывіцкі абшар родных гоняў, лугоў і лясоў, і ў песьнях народных песьняроў грымне, што «жыве Беларусь!»».

Праз шэсць гадоў лозунг прызнала ўся беларуская эліта. У 1917-м у Мінску адбыўся I Усебеларускі з’езд. Яго значнасць падкрэсліваў нават Аляксандр Лукашэнка. «Гэты народны сход прадэманстраваў найважнейшыя каштоўнасці, значныя для нас да гэтага дня: свая дзяржава, яе сацыяльны характар і той факт, што толькі народ, яго воля, калектыўны розум і лідары могуць стаць сапраўднай крыніцай незалежнасці», — адзначалася ў яго афіцыйным вітанні, адпраўленым удзельнікам адной з навуковых канферэнцый у 2017-м.

На гэтым з’ездзе гучаў лозунг «Няхай жыве вольная Беларусь!». Прыйшоўшы да ўлады, бальшавікі таксама не адмовіліся ад яго выкарыстання. У часы даваеннай БССР ён гучаў як «Няхай жыве савецкая Беларусь!».

Лозунг па абодва бакі фронту

Плакат «Няхай жыве савецкая Беларусь». Изображение: plakat.unid.by
Плакат «Няхай жыве савецкая Беларусь». Выява: plakat.unid.by

Лозунг-дэвіз выкарыстоўваўся і ў гады Другой сусветнай вайны, прычым абодвума супрацьлеглымі бакамі.

У 1942 годзе ў газеце «За свабодную Беларусь», якую выдавала на беларускай мове палітупраўленне Калінінскага фронту (у 1943 годзе перайменаваны ў 1-ы Прыбалтыйскі), быў апублікаваны верш «Партызанскі марш». Адзначалася, што гэта пераклад з рускай мовы, які ажыццявіў Пімен Панчанка, будучы класік беларускай літаратуры. Арыгінал належаў рускаму паэту Аляксею Суркову (прынамсі, вядомыя чарнавікі яго твора з такой назвай). Дадамо, што «За свабодную Беларусь», а таксама некаторыя іншыя выданні адпраўляліся на акупаваную тэрыторыю краіны і распаўсюджваліся сярод мясцовых жыхароў.


Ніколі не згіне ад лютых пажараў

вялікі і слаўны наш Край.

У бой за Радзіму збірайся, таварыш,

ідзі партызаніць у гай.

На прускага ката

за вёску і хату

кліч помсты народнай заве.

Ідуць у атаку лясныя салдаты,

грукочуць гранаты, грымяць аўтаматы —

жыве Беларусь! Жыве!


Нікога з ваенных цэнзараў гэтае словазлучэнне тады не збянтэжыла.

Адначасова лозунг выкарыстоўвалі і тыя беларусы, якія пайшлі на супрацоўніцтва з нацысцкай адміністрацыяй. У сваёй пастанове МУС акцэнтаваў увагу на дзвюх арганізацыях. Ведамства сцвярджае, што лозунг выкарыстоўваўся як сімвал двух аб’яднанняў. У дакуменце згадваюцца «13-ы Беларускі паліцэйскі батальён пры СД» і «30-я грэнадзёрская (пяхотная) дывізія Вафен-СС (руская № 2, яна ж — беларуская № 1)». Прыведзеная МУС у дужках інфармацыя ў дадзеным выпадку вельмі важная — яна дэманструе ўзровень гістарычнай экспертызы, з якім супрацоўнікі міністэрства падышлі да пытання пра лозунг «Жыве Беларусь!». У другім выпадку МУС пераблытала два розныя злучэнні, словы «яна ж», прыведзеныя ў дужках — хлусня. Патлумачым больш падрабязна.

Згаданы МУС 13-ы батальён пры СД быў сфарміраваны ў сакавіку 1943 года. Як пісаў даследчык Алег Раманько ў кнізе «Карычневыя цені ў Палессі», у яго шэрагах налічвалася каля 1 тысячы чалавек. Асабовы склад батальёна быў вельмі добра абмундзіраваны, узброены і знаходзіўся на поўным матэрыяльным забеспячэнні. Байцы батальёна змагаліся з партызанамі, а таксама ўдзельнічалі ў знішчэнні габрэйскіх гета (у тым ліку ў Мінску і Глыбокім). Сваё існаванне гэтая баявая адзінка спыніла на мяжы 1944−1945 гадоў — астатнія 600 чалавек увайшлі ў склад 1-й беларускай дывізіі СС (пра яе — ніжэй).

У жніўні 1944 года была сфарміраваная 30-я пяхотная дывізія Вафен-СС (руская № 2). Яе аснову сапраўды складалі беларусы — афіцэр Францішак Кушаль пісаў, што з 11 тысяч 7 былі нашымі суайчыннікамі. Астатнія былі немцамі, рускімі, украінцамі, палякамі, армянамі і чэхамі, — адзначаў Алег Раманько. Як пісаў у мемуарах Кушаль (цытуем з захаваннем арфаграфіі), кіраўнік дывізіі Ганс Зіглінг, «не прызнаючы нацыянальнага прынцыпу ў арганiзацыi дывiзii, i як немец трымаўся расыстаўскае тэорыi, усiх афiцэраў i падафiцэраў ня немцаў запхнуў на другарадныя становiшчы, да камандзiра рот уключна i вышэй паставiў немцаў». Як і чаму ў такіх умовах павінен быў афіцыйна выкарыстоўвацца лозунг «Жыве Беларусь», абсалютна незразумела.

У тым жа жніўні дывізію адправілі ў Францыю для барацьбы з мясцовымі партызанамі (але ніяк не з беларускімі), а затым накіравалі іх ваяваць супраць заходніх саюзнікаў. У лістападзе дывізія была цалкам разбітая. Рускіх, якія засталіся ў жывых, адправілі ў Рускую вызваленчую армію генерала Уласава, а з рэшткаў беларусаў стварылі новае злучэнне.

У студзені 1945 года з’явілася добраахвотніцкая пяхотная брыгада СС (1-я беларуская). Па дамоўленасці «каманднай мовай у беларускім батальёне і асобных беларускіх палках мусіць стаць беларуская мова, а ў нямецкіх батальёнах ад вайскоўцаў-беларусаў патрабуецца толькі веданне асноўных нямецкіх камандаў». 9 сакавіка на яе аснове пачалі фармаваць 30-ю пяхотную дывізію СС (1-ю беларускую) — гэта ўжо зусім іншае падраздзяленне, якое не мела да 1-й рускай дывізіі практычна ніякага дачынення, хоць і называлася амаль гэтак жа.

Але ў баявых дзеяннях яна не здзельнічала. А ў перыяд паміж 15 і 20 красавіка яе расфармавалі. Па стане на 30 красавіка ў 30-й дывізіі, якая здалася амерыканцам, значылася 50 афіцэраў, 132 унтэр-афіцэры і 912 шарагоўцаў. Гэта значыць усяго каля 1,1 тысячы чалавек. Кушаль пісаў у сваіх мемуарах, што байцы выкарыстоўвалі лозунг «Жыве Беларусь». Указанняў на тое, што пры гэтым яны ўздымалі правую руку з выпрастанай далонню, мы не знайшлі. У любым выпадку, колькасць гэтых людзей была нікчэмна малая, а ў сур’ёзных баявых аперацыях яны не ўдзельнічалі.

Рэзюмуем: 30-я пяхотная дывізія Вафен-СС (беларуская № 2) і 30-я пяхотная дывізія СС (1-я беларуская) — два абсалютна розныя падраздзяленні, якія існавалі ў розны час, і ніяк не адна і тая ж, як сцвярджае МУС.

Зрэшты, не будзем забываць, што ў 2-ю рускую дывізію СС трапілі рэшткі батальёна СД, які запляміў сябе ўдзелам у канкрэтных злачынствах. Фактаў пра тое, што яго байцы выкарыстоўвалі гэты лозунг, мы таксама не знайшлі. Аднак цалкам можна дапусціць, што так і было, бо дэвіз выкарыстоўвалі многія беларусы: як вайскоўцы, так і простыя вучні мінскіх школ, якія дзейнічалі пад акупацыяй. Але гэтая акалічнасць не рабіла з апошніх злачынцаў.

Вяртанне дэвіза

Фото: архив TUT.BY
Фота: TUT.BY

Пасля вайны лозунг актыўна выкарыстоўваўся ў беларускай эміграцыі, а ў БССР адышоў на другі план. Зрэшты, забароны на яго выкарыстанне не было. У 1981-м усё той жа Пімен Панчанка ўключыў «Партызанскі марш» у першы том свайго збору твораў. Кніга не выклікала ніякіх пытанняў у цэнзараў і выйшла накладам 17 тысяч асобнікаў.

Паўнавартаснае вяртанне лозунга ў парадак дня здарылася ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў, калі яго стаў выкарыстоўваць Беларускі народны фронт (БНФ). Зрэшты, дэвіз «Жыве Беларусь!» досыць хутка замацаваўся ў грамадскай свядомасці. Яго крычалі са сцэны поп-зоркі (напрыклад, Аляксандр Саладуха). У 1995-м адзначаўся юбілей Купалаўскага тэатра. Калі народны паэт Рыгор Барадулін скончыў свой выступ словамі «Жыве Беларусь», то Лукашэнка, які прысутнічаў у зале, апладзіраваў разам з усімі прысутнымі. Гэты момант трапіў на відэа.

З 1990-га і аж да 2020-га лозунг друкаваўся на першай паласе «Народнай газеты», якая была выданнем парламента. Растлумачыць такое працяглае выкарыстанне досыць проста — апазіцыя да моманту, калі лозунг набыў пэўнае палітычнае гучанне, была ўжо практычна цалкам разгромленая. А таму ў выкарыстанні лозунга з боку «Народнай газеты» не бачылі небяспекі. Больш за тое, гэта дазваляла сцвярджаць, што забароны на яго выкарыстанне не існуе (хоць у рэальнасці адбывалася адваротнае — за яго скандаванне можна было трапіць за краты).

Але ў выніку лозунг перастаў асацыявацца выключна з апазіцыяй. У свядомасці людзей ён успрымаўся як сімвал пратэсту і адначасова сведчанне любові да роднай зямлі. Знікненне «Жыве Беларусь!» з «шапкі» «Народнай газеты» ў 2020-м аказалася сімвалічным: улады адчулі пагрозу.

"Народная газета". 2020 год. Фото: t.me/nashaniva
«Народная газета», 2020 год. Фота: t.me/nashaniva

Ужо восенню 2020 года пачаліся суды за выкарыстанне лозунга. На адным з іх агучылі заключэнне спецыялістаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (арыгінал цытуецца паводле архіва TUT.BY).

Навукоўцы адзначылі, што «словы «жыве» і «Беларусь» адносяцца да нейтральных, стылістычна не маркіраваных найменняў адпаведных паняццяў і дзеянняў і не з’яўляюцца абразлівымі, непрыстойнымі «(менавіта ў гэтым абвінавачвалі адну з мінчанак, якая напісала гэтае слова на асфальце).

Высновы па фразе «Жыве Беларусь» былі такія:

  • не мае лінгвістычных прыкметаў цынічнага зместу;
  • не ўтрымлівае лінгвістычных прыкметаў абразы, і сэнс яе не з’яўляецца абразлівым;
  • не мае лінгвістычных прыкметаў выказвання пагарды да маральных каштоўнасцяў.

У дадзены момант складана зразумець, ці будзе лічыцца вокліч «Жыве Беларусь» без жэставага суправаджэння «нацысцкім». Таксама незразумела, ці будзе лічыцца такім надпіс «Жыве Беларусь», напрыклад, на плакаце.

У любым выпадку, з боку ўладаў адбываецца падмена паняццяў. Выкарыстанне невялікай колькасцю людзей нацыянальнага лозунга (зрэшты, не зафіксаванае ў дакументах) не ператварае яго ў злачынны.

«У выразе «Жыве Беларусь» адлюстраваная сутнасць унутранай і знешняй палітыкі нашай дзяржавы, накіраваная на забеспячэнне росквіту Рэспублікі Беларусь і росту дабрабыту грамадзян», — пісалі навукоўцы з Акадэміі навук. З гэтым цяжка не пагадзіцца.