Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Чарговы наш тэкст пра трансфармацыі былых рэспублік СССР і еўрапейскіх краін — сатэлітаў Савецкага Саюза прысвечаны Малдове пасля краху сацлагера. Гэтая невялікая дзяржава ўнікальная адразу ў некалькіх аспектах: яна не толькі здолела выжыць, са старту атрымаўшы на сваёй тэрыторыі некалькі этнічных канфліктаў, але і сфармавала ўстойлівую традыцыю электаральнай дэмакратыі. Пры гэтым Малдова застаецца краінай зусім небагатай, але так і не скацілася да вельмі распаўсюджанага ў такіх выпадках аўтарытарызму. Прыгледзімся да шляху, які прайшло малдаўскае грамадства за апошнія трыццаць з лішнім гадоў.

Мы працягваем наш праект «Трансфармацыі». У ім расказваем пра шлях да дэмакратыі, які прайшлі рэспублікі былога СССР і экс-сацкраіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пасля краху сацыялістычнага лагера. Некаторыя дзяржавы прайшлі гэты шлях мірна, у іншых пралілася кроў, а часам адбываўся і разварот назад — ад дэмакратычнага ладу да аўтарытарнага.

Канец васьмідзясятых тады яшчэ Малдаўская ССР сустрэла як і іншыя рэспублікі Савецкага Саюза, які трашчаў у швах. Перабудова дала магчымасць гаварыць пра многае і легальна ствараць грамадскія рухі, не кіраваныя савецкай дзяржавай і нават апазіцыйныя ёй.

Пачыналася ўсё не з палітыкі: яшчэ ў 1988 годзе ў МССР з’явіліся «Дэмакратычны рух у падтрымку перабудовы» і музычна-літаратурны клуб імя Аляксея Мацяевіча (малдаўскага паэта і грамадскага дзеяча, аўтара словаў да цяперашняга гімна Малдовы «Наша мова»). 20 траўня 1989 года дзве арганізацыі аб’ядналіся, утварыўшы Народны фронт Малдовы, які выступаў з пазіцый нацыяналізму.

Унікальнасцю становішча МССР было тое, што, па-першае, рэспубліка межавала з Румыніяй — краінай з роднасным народам і вельмі падобнай мовай, якая ў СССР ніколі не ўваходзіла. З 1918 па 1940 год малдаўскія землі да Днястра (Бесарабія) уваходзілі ў склад Румынскага каралеўства, але заключаны паміж Трэцім Рэйхам і Савецкім Саюзам «пакт Молатава — Рыбентропа» аддаваў гэтую тэрыторыю Маскве. Словы не разышліся са справай — ужо летам 1940 года ў Кішынёў ўвайшлі савецкія войскі, і вялікая частка бесарабскай тэрыторыі была ўключаная ў Малдаўскую ССР.

Па-другое, тая самая МССР, да якой далучылі Бесарабію, знаходзілася па іншы бок Днястра (Прыднястроўе) і ніколі ў Румынію не ўваходзіла. Да аб’яднання яна называлася Малдаўскай аўтаномнай ССР і ўваходзіла ў склад Украінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. МАССР была ў значнай ступені населеная рускімі, украінцамі і была нібыта дзяржавай у дзяржаве. Нацменшасці, што пражывалі на кампактнай тэрыторыі, як і ў выпадку з Карабахам, маглі стаць прычынай канфліктаў (так пазней і атрымалася, але падрабязней пра гэта ніжэй).

Па-трэцяе, на чатырохмільённую МССР прыпадаў нават не адзін, а два нацыянальныя анклавы. Акрамя згаданага вышэй Прыднястроўя ў паўднёвай частцы краіны знаходзілася Гагаузія — тэрыторыя кампактнага пражывання гагаузаў, цюркскамоўнага народа, які пасяліўся тут у пачатку XIX стагоддзя.

Такім чынам, эпоху дэмакратызацыі часоў распаду СССР Малдова сустракала ў вельмі складаных умовах. Эканоміка СССР адчувала сябе ў канцы 80-х вельмі дрэнна, і пераважна аграрная МССР выключэннем не была. Наяўнасць дзвюх буйных нацыянальных ускраін у маленькай краіне практычна гарантавала, што нацыянальнае пытанне лёгка вырашыць не ўдасца.

У краіне былі як людзі, якія хацелі самастойнасці (Народны фронт), так і прыхільнікі захавання статус-кво (у асноўным у Прыднястроўі). А частка нацыянальна арыентаваных малдаван прасоўвала так званы уніянізм — то-бок ідэю, што малдаване ўяўляюць сабой частку румынскага народа і чым хутчэй аб’яднаюцца дзве краіны, тым лепш.

Моўнае пытанне, выбары і абвяшчэнне незалежнасці

Першым значным масавым мерапрыемствам у падтрымку пераменаў у МССР стаў Вялікі нацыянальны сход — так назвалі масавы (сотні тысяч чалавек) мітынг на плошчы Перамогі ў Кішынёве 27 жніўня 1989 года. На той момант патрабаванні незалежнасці рэспублікі ад СССР яшчэ не дамінавалі, асноўным пытаннем стала моўнае. Да гэтага ў МССР дзяржаўнымі мовамі былі малдаўская і руская, але з нюансам: малдаўская мова ў рэспубліцы была з 1920-х гадоў у Прыднястроўі і з 1940 года ў астатняй частцы МССР пераведзеная з лацінкі на кірыліцу на аснове рускага алфавіту. Мітынгоўцы патрабавалі не толькі замацаваць статус малдаўскай як адзінай дзяржаўнай мовы, але і вярнуць лацінскую графіку.

Патрабаванні мітынгоўцаў былі выкананыя. Ужо 29 жніўня пачалася XIII сесія Вярхоўнага Савета (то-бок парламента) МССР, якая 1 верасня пастанавіла: з гэтага часу адзінай дзяржаўнай мовай краіны становіцца малдаўская з лацінскай графікай. Рускай адводзілася роля мовы міжнацыянальных зносін. Падобна тады зрабілі практычна ва ўсіх рэспубліках СССР, у тым ліку ў Беларусі.

Молдавская марка с фотографией Великого национального собрания. Фото: wikipedia.org
Малдаўская марка з фатаграфіяй Вялікага нацыянальнага сходу. Фота: wikipedia.org

У лютым-сакавіку 1990 года прайшлі першыя альтэрнатыўныя выбары ў Вярхоўны Савет МССР. Папулярны ў рэспубліцы Народны фронт да іх не дапусцілі (як і любыя іншыя аб’яднанні, акрамя малдаўскай кампартыі), аднак знайшлася шчыліна: кандыдаты ад руху проста зарэгістраваліся як незалежныя — і атрымалі больш за чвэрць мандатаў. Заручыўшыся потым падтрымкай часткі выбраных у парламент камуністаў, народафронтаўцы атрымалі парламенцкую большасць.

У пачатку лета 1990 года пачаўся «парад суверэнітэтаў» — савецкія рэспублікі адна за адной абвяшчалі сябе суверэннымі (пакуль — у складзе СССР). МССР зрабіла гэта 23 чэрвеня 1990 года, неўзабаве пасля Расіі. Дзяржава атрымала і новае імя — з гэтага моманту яна называлася Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Малдова. Ужо праз пару месяцаў, 19 жніўня, пра свой суверэнітэт — але ўжо ад самой Малдовы — абвясціла Гагаузія, а ў пачатку верасня — і Прыднястроўе, якое стала Прыднястроўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай.

Нарэшце, пасля няўдалага путчу ГКЧП малдаўская дзяржава канчаткова стала незалежнай — 27 жніўня 1991 года, у другую гадавіну Вялікага нацыянальнага сходу, была падпісаная адпаведная дэкларацыя, савецкая рэспубліка стала Рэспублікай Малдова. Прыднястроўцы выступілі на баку путчу, але ніякіх негатыўных наступстваў пасля яго паразы не было — хіба што непрызнаная дзяржава восенню 1991 года перастала быць «савецкай» і «сацыялістычнай», застаўшыся Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікай (ПМР).

Прыднястроўская вайна і гагаузскі мір

Канфлікты на тэрыторыі Прыднястроўя завіравалі яшчэ падчас агоніі савецкай дзяржавы. Рэгіён быў вельмі не падобны да іншых раёнаў Малдовы не толькі па нацыянальным складзе, але і эканамічна: калі па той бок Днястра пераважаў аграрны сектар, то былая МАСР у асноўным абапіралася на прамысловасць (плюс менавіта тут знаходзіцца найбуйнейшая ў рэгіёне Дубасарская ГЭС, якая забяспечвала ў савецкі час энергіяй усю рэспубліку). Таксама ў Ціраспалі, найбуйнейшым горадзе Прыднястроўя, знаходзіўся штаб 14-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі, якая стаяла ў рэгіёне, і многія яе афіцэры жылі ў тутэйшых мясцінах доўгі час.

Карта: novostipmr.com
Карта: novostipmr.com

Калі ў Кішынёве ў 1989 годзе праводзілі велізарны мітынг, каб зрабіць малдаўскую адзінай дзяржаўнай мовай у краіне, то ў Прыднястроўі ў той жа час праходзілі масавыя забастоўкі з патрабаваннямі гэтага не дапусціць. Масква самаўхілілася ад вырашэння пытання.

Незалежная Малдова фармавала сваю армію і выкарыстоўвала паліцыю — Прыднястроўе ставіла пад ружжо «Рэспубліканскую гвардыю». Кішынёў узбройваў лаяльныя фарміраванні зброяй з малдаўскіх складоў раскватараванай у рэгіёне 14-й арміі (абвешчаных уласнасцю Малдовы). Прыднястроўскім «гвардзейцам» зброю браць, здаецца, не было адкуль: 14-я армія захоўвала нейтралітэт і дзяліцца ўзбраеннямі з рознага кшталту апалчэннямі не мусіла. Але дзялілася, і ва ўсё большых маштабах — афіцэры арміі па факце занялі ў канфлікце бок непрызнанай ПМР.

Пасля развалу СССР Малдова і Прыднястроўе ішлі ўжо да сапраўднай вайны — у Ціраспаль адправіліся добраахвотнікі з Расіі (уключаючы Ігара Гіркіна-Стралкова, які стаў вядомы пазней; менавіта тут ён атрымаў першы баявы досвед). Часткі 14-й арміі да 1992 года ўжо не проста перадавалі «гвардзейцам» зброю, але і ў поўным складзе ўліваліся ў шэрагі сепаратыстаў.

Усю вясну 1992 года Малдова і непрызнаная ПМР вялі барацьбу за стратэгічна важны горад Бендэры, але выбіць адтуль сепаратыстаў у неспрактыкаванай малдаўскай арміі так і не выйшла. Разгар баёў за Бендэры прыпаў на другую палову чэрвеня 1992 года, тады ж у канфлікт актыўна ўмяшалася Расія. На пасаду камандуючага 14-й арміяй заступіў знакаміты генерал Аляксандр Лебедзь (пасля балатаваўся ў прэзідэнты РФ), і расійскія войскі пачалі непасрэдна ўдзельнічаць у баях — неўзабаве зенітчыкі арміі збілі малдаўскі самалёт МіГ-29.

Затым расіяне пачалі ажыццяўляць артылерыйскія ўдары па пазіцыях малдаўскіх войскаў і паліцыі, наносячы малдаванам вялікія страты. Лебедзь пагражаў, што калі Малдова працягне спробы ўсталяваць кантроль над Прыднястроўем сілавым шляхам, то снедаць ён будзе ў Ціраспалі, абедаць у Кішынёве, а вячэраць у Бухарэсце. Сіл супрацьстаяць адначасова і сепаратыстам, і гатовай да бою навучанай арміі ў Малдовы не было. Бакі падпісалі дакумент «Аб прынцыпах урэгулявання ўзброенага канфлікту ў Прыднястроўскім рэгіёне Рэспублікі Малдовы».

ПМР засталася нікім не прызнанай — нават Расію цалкам задавальняў статус тэрыторыі як «шэрай зоны», над якой можна адначасова ажыццяўляць узброены кантроль і не несці за гэта асаблівай адказнасці. Маскве, імаверна, падышоў бы і варыянт вяртання Прыднястроўя ў склад Малдовы ў выпадку федэралізацыі апошняй — навошта гэта трэба, мы раскажам пазней.

Жыхары ПМР масава пачалі атрымліваць расійскія пашпарты, але паласа зямлі ля Днястра расійскім анклавам не стала. Баявыя дзеянні таксама спыніліся, і паміж Кішынёвам і Тыраспалем усталяваўся «кепскі мір». У хуткаплыннай вайне загінулі сотні людзей з абодвух бакоў, а малдаване і жыхары Прыднястроўя цяпер будуюць па факце дзве розныя дзяржавы — калі і на якіх умовах яны аб’яднаюцца, прадказаць цяжка.

Комплекс «Eternitate». Памятник «Павшим за независимость и целостность Родины». Кишенев, Молдова. Фото: wikipedia.org
Комплекс Eternitate. Помнік «Палеглым за незалежнасць і цэласнасць Радзімы», Кішынёў, Малдова. Фота: wikipedia.org

А вось вырашэнне пытання з гагаузскім сепаратызмам прайшло абсалютна інакш — бяскроўна. Яшчэ ў 1990 годзе, калі Гагаузія абвясціла аб сваім суверэнітэце ад Малдовы, Кішынёў адправіў на сталіцу рэгіёна Камрат міліцыю і ўзброеных добраахвотнікаў, каб вярнуць рэгіён пад кантроль. Гагаузы правялі мабілізацыю, стварыўшы ўласнае апалчэнне. Аднак да бою так і не дайшло — бакі ўсё ж вырашылі дамаўляцца мірна. Больш спробаў вырашыць пытанне сілавым шляхам Малдова не рабіла, аддаўшы перавагу перамовам.

У 1994 годзе яны скончыліся поспехам: у складзе краіны з’явілася аўтаномна-тэрытарыяльнае ўтварэнне (АТА) Гагаузія. Канфлікт суцішыўся, так і не прывёўшы да вайны. Гагаузія карыстаецца значнай свабодай у межах Малдовы, аддзяляцца і ваяваць з цэнтрам не збіраецца. На фоне мноства крывавых канфліктаў на руінах СССР гэты варыянт, мабыць, можна лічыць узорным.

Першыя гады незалежнасці

Першыя выбары прэзідэнта ўжо незалежнай Малдовы прайшлі даволі дзіўна і больш нагадвалі электаральны працэс у аўтарытарных краінах. Нягледзячы на значную палітычную вагу Народнага фронту, свайго кандыдата ў прэзідэнты рух так і не высунуў. Ад савецкіх часоў у рэспублікі заставаўся прэзідэнт Мірча Снегур (камуністычны функцыянер, былы кіраўнік ЦК Кампартыі Малдаўскай ССР) — яго аднагалосна абраў у 1990 годзе не непасрэдна народ, а парламент.

У 1991 годзе адбыліся выбары ўжо ў незалежнай дзяржаве, прычым выбіраць малдаванам трэба было… усё таго ж Мірчу Снегура (яшчэ два патэнцыйныя кандыдаты не дайшлі і да рэгістрацыі, так што нават афіцыйна выбіралі ўсяго з адной кандыдатуры). На выбарах Снегур набраў амаль 100% і стаў прэзідэнтам. Нягледзячы на безальтэрнатыўнасць выбараў, ніякіх значных пратэстаў у краіне не было.

Праблемы, якія трэба было вырашаць палітыку на яго пасадзе, былі тыповыя для любой постсавецкай рэспублікі. Развал агульнай сацыялістычнай эканомікі СССР, разрыў гандлёвых і вытворчых сувязяў, збядненне насельніцтва, велізарная доля дзяржаўнай уласнасці, абясцэнены савецкі рубель, неабходнасць наладжвання палітычных і эканамічных сувязяў не толькі з Масквой, але і з Захадам. Нібыта гэтага было мала, дадаваліся прыднястроўскі канфлікт, магчымы яго аналаг у Гагаузіі (мы ўжо ведаем, што другой вайны ўдалося пазбегнуць), а яшчэ уніянізм і жаданне аб’яднацца з Румыніяй у некаторых палітычных колах.

Як мы ўжо ведаем, пытанне нацыянальных ускраін урад Снегура паспяхова вырашыў толькі ў дачыненні да Гагаузіі. Перадачу ўласнасці ў прыватныя рукі Малдова спрабавала вырашыць прыкладна гэтак жа, як і Расія: жыхарам выдалі чэкі на дзяржмаёмасць (тут яны называліся «бонамі народнага здабытку»), якія можна было ўкладваць у інвестфонды, каб атрымліваць прыбытак. Вынікі аказаліся далёка не бліскучымі, уласнасць у выніку перайшла да досыць вузкага кола людзей, а большасць грамадзян ніякіх сур’ёзных грошай ад інвестыцыйных фондаў так і не атрымала.

Уніянізм таксама не атрымаў шырокага распаўсюду, і Малдова засталася незалежнай. У эканоміцы справы ішлі сумна, узровень жыцця ўпаў, і мноства людзей пачала пастаянна выязджаць на заробкі за мяжу (пераводы ад мігрантаў з розных краін да гэтага часу складаюць значны працэнт ВУП Малдовы — паводле некаторых ацэнак, каля чвэрці ад усяго аб’ёму). У 1993 годзе ў рэспубліцы з’явілася свая валюта — лей. Па мерках постсавецкай прасторы, дарэчы, яна аказалася надзіва стабільнай — за амаль 30 гадоў лей абясцэніўся адносна даляра ў шэсць разоў. У Беларусі, нагадаем, з 1994 да 2016 года прайшло тры дэнамінацыі, без гэтых «абнуленняў» нацвалюты даляр цяпер каштаваў бы 245 мільёнаў рублёў. У сярэдзіне 1992-га цана амерыканскай валюты была 150 рублёў — гэта значыць «зайчык» за 30 гадоў абясцэніўся больш чым у 1,5 мільёна разоў.

Малдова пасля Снегура: пераход да парламенцкай рэспублікі і камуністы ва ўладзе

Нягледзячы на шмат у чым несуцяшальныя вынікі прэзідэнцтва Мірчы Снегура, малдаўскі лідар разлічваў пайсці на яшчэ адзін тэрмін. Пры гэтым ён не праводзіў «падрыхтоўчых» мерапрыемстваў у выглядзе разгону парламента, падпарадкавання прэзідэнту Канстытуцыйнага суда і да таго падобнага. Галоўным праціўнікам Снегура на другіх выбарах стаў Пётр Лучынскі (як і яго апанент, у мінулым кіраўнік ЦК Кампартыі МССР). Вынікі галасавання сталі крыху нечаканымі: у першым туры Мірча Снегур абышоў саперніка на цэлых 11%, але ў другім прайграў — апанент здолеў перацягнуць на свой бок галасы выбаршчыкаў левых сіл.

Фото: zdg.md
Мірча Снегур (справа) і Пётр Лучынскі. Фота: zdg.md

Пётр Лучынскі, атрымаўшы прэзідэнцкую пасаду, не стаў сур’ёзна мяняць вектар развіцця краіны: працягнуліся і прыватызацыя, і развіццё адносін адначасова з Еўропай і Расіяй. Здавалася, яму будзе лягчэй, чым папярэдніку: якая-ніякая рынкавая эканоміка ў Малдове ўжо была, удалося падпісаць і першыя дакументы, якія рэгулююць адносіны з непрызнанай ПМР. Аднак бяда прыйшла адкуль не чакалі: у 1998 годзе Расія абвясціла дэфолт, і ў постсавецкім рэгіёне пачаўся жорсткі эканамічны крызіс. Па Малдове ён ударыў досыць моцна — і гэта пры тым, што краіна не была багатай і да абвалу. ВУП рэспублікі ў 1998 годзе замест чаканага росту на 3% абрынуўся на 8,6%.

Да гэтага часу значная частка насельніцтва Малдовы зняверылася ў дэмакратычных і рынкавых рэформах і прадказальна захацела, каб стала «як раней». Яшчэ да дэфолту, у сакавіку 1998 года, лідарства ў парламенце атрымалі мясцовыя камуністы.

На прэзідэнцтва Лучынскага прыпаў і яшчэ адзін важны крок — у 2000 годзе Малдова, у якой баланс паміж галінамі ўлады быў дагэтуль даволі хісткім і не заўсёды зразумелым, афіцыйна стала парламенцкай рэспублікай. Цяпер кіраўнік дзяржавы абіраўся не наўпрост, а галасаваннем парламентарыяў. Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што гэта быў удар асабіста па Пятру Лучынскім, каб не даць яму пераабрацца на новы тэрмін (палітык заставаўся вельмі папулярным у малдаван, хоць улада ў парламенце належала яго канкурэнтам).

Увядзенне парламенцкай рэспублікі і новая гучная перамога камуністаў на выбарах 2001 года прадвызначылі, што наступным кіраўніком дзяржавы стане менавіта прадстаўнік Партыі камуністаў Рэспублікі Малдова (ПКРМ). Так і выйшла: у красавіку кіраўнік гэтай партыі Уладзімір Варонін стаў трэцім прэзідэнтам Малдовы. У гэтым яшчэ адна ўнікальнасць малдаўскай палітыкі: Варонін аказаўся адзіным камуністам на постсавецкай прасторы, які легальна прыйшоў да ўлады пасля 1991 года.

Прыход да ўлады ПКРМ і на парламенцкім, і на прэзідэнцкім узроўні, аднак, не прывёў да чаканага аднаўлення савецкага ладу. Руская мова за камуністамі была замацаваная ў заканадаўстве як мова міжнародных зносін, але не як дзяржаўная, вынікі прыватызацыі 90-х не пераглядаліся, ды і рэзкага збліжэння з Расіяй не было. Варонін адмовіўся падпісваць так званы мемарандум Козака — план прадстаўніка прэзідэнта РФ Дзмітрыя Козака для ўрэгулявання стасункаў Малдовы з Прыднястроўем.

Згодна з гэтым дакументам, ПМР вярталася ў Малдову, але пры гэтым уся краіна трансфармавалася ў федэрацыю, і значную долю дэпутатаў у ёй складалі б прыднястроўцы, якія маюць магчымасць блакаваць ініцыятывы, што не задавальняюць Маскву. Пры гэтым Кішынёў абавязваўся дэмабілізаваць свае ўзброеныя сілы, што зрабіла б расійскія часткі, якія стаяць у Прыднястроўі, гаспадарамі становішча.

У 2005 годзе камуністам зноў удалося абраць Вароніна прэзідэнтам. Ужо праз год краіна падпісала «Індывідуальны план дзеянняў па супрацоўніцтве Малдовы і NATO», абвясціўшы пра свае намеры пашыраць сувязі з Паўночнаатлантычным саюзам і пераводзіць армію на яго стандарты. У 2006-м пагоршыліся эканамічныя адносіны Кішынёва і Масквы: Расія пачала ставіць перашкоды на шляху экспарту малдаўскіх вінаў, таксама пачалася канфрантацыя з нагоды цэн на прыродны газ (у розны час Расія пачынала такія «газавыя войны» і супраць іншых постсавецкіх рэспублік, уключаючы Беларусь і Украіну).

Ва ўнутранай палітыцы і эканоміцы за час двух тэрмінаў Вароніна камуністы праявілі сябе дваіста: з аднаго боку, трохі ўзмацнілі сацыяльную падтрымку насельніцтва, з другога — кампартыю абвінавачвалі ў карупцыі і стварэнні рэжыму найбольшага спрыяння для сваіх, «чырвоных», бізнесоўцаў.

Малдова ў дзясятых і пасля: еўрапейскі выбар і «дэалігархізацыя»

2009 год, калі другі тэрмін Уладзіміра Вароніна падыходзіў да канца, стаў годам найбольшых сацыяльных узрушэнняў з часоў актыўнай фазы прыднястроўскага канфлікту. Чарговыя парламенцкія выбары, паводле афіцыйных звестак, прывялі да новай перамогі ПКРМ (амаль 50% галасоў), але 7 красавіка ў Кішынёве пачаліся масавыя беспарадкі пад антыкамуністычнымі лозунгамі. Пратэстоўцы захапілі будынак парламента краіны, першы паверх будынка загарэўся (тады згарэў, у прыватнасці, арыгінал Дэкларацыі незалежнасці Малдовы). Апазіцыя заявіла, што не кантралюе сітуацыю, паліцыя таксама доўгі час бяздзейнічала.

Протестующие у парламента в Кишиневе. Фото: wikipedia.org
Пратэстоўцы ля парламента ў Кішынёве, красавік 2009-га. Фота: wikipedia.org

Добрай арганізацыі пратэст не меў і сам па сабе да змены ўлады не прывёў — аднак у Малдове прызначылі перавыбары ў парламент, на якіх лідарства атрымала ўжо кааліцыя «Альянс за еўрапейскую інтэграцыю». Кіраванне кампартыі ў рэспубліцы скончылася. Некалькі гадоў у краіне не было і прэзідэнта — толькі выканаўцы абавязкаў. Наступным «сапраўдным» кіраўніком дзяржавы стаў юрыст Мікалай Цімофці, які раней займаў важныя пасады ў судовай сістэме. Цімофці лічылі не самастойным палітыкам, а кампраміснай фігурай на фоне супрацьстаяння лідараў кіраўнічай кааліцыі.

У яго прэзідэнцтва Малдова прасунулася па дарозе інтэграцыі ў еўрапейскія структуры — 27 чэрвеня 2014 года рэспубліка падпісала пагадненне аб асацыяцыі з ЕС, наведванне краін Еўрасаюза (за выключэннем Вялікабрытаніі і Ірландыі) стала для малдаван бязвізавым.

Частая змена лідараў і некалькі гучных скандалаў падштурхнулі малдаўскія эліты вярнуць прамыя выбары прэзідэнта: у 2016 годзе скончылася традыцыя абрання кіраўніка дзяржавы парламентам, і новым прэзідэнтам стаў сацыяліст Ігар Дадон, які лічыўся прарасійскім палітыкам.

Фото: facebook.com/dodon.igor1
Ігар Дадон і Аляксандр Лукашэнка. Фота: facebook.com/dodon.igor1

Аднак сапраўдным «гаспадаром» рэспублікі лічылі найбуйнейшага бізнесоўца і медыямагната Уладзіміра Плахатнюка. Малдову называлі ў той час «захопленай дзяржавай».

Зрэшты, сітуацыя крута змянілася ў 2019 годзе — практычна ўсім палітычным сілам краіны было не даспадобы, што ўладу ў дэмакратычнай рэспубліцы прыбірае да рук адзін чалавек. Пасля чарговых выбараў у парламент сацыялісты, якія раней падтрымлівалі Дэмакратычную партыю (у якой найважнейшую ролю адыгрываў акурат Плахатнюк), змянілі бок — у выніку магнат страціў уладу і эміграваў (у Малдове было абвешчана пра «дэалігархізацыю»).

Нарэшце, ужо ў 2020 годзе страціў уладу і Ігар Дадон. «Прарасійскі» прэзідэнт (а таксама «сябар Лукашэнкі») прайграў выбары Маі Санду, якая выступае за далейшую інтэграцыю Малдовы ў ЕС і NATO. Санду цалкам падтрымала Украіну пасля расійскага ўварвання 24 лютага 2022 года і кажа пра неабходнасць зніжэння залежнасці ад расійскіх вуглевадародаў, каб Масква больш не магла выкарыстоўваць пастаўкі паліва «ў якасці зброі». Неўзабаве пасля гэтага прарасійская партыя «Шор» пачала арганізоўваць супраць прэзідэнта пратэсты, якія, зрэшты, пакуль ні да чаго не прывялі.

Рэзюмуючы, можна сказаць, што гісторыя Малдовы — досыць беднай краіны без вялікіх запасаў карысных выкапняў, затое з вялікай колькасцю сур’ёзных праблем і першай на постсавецкай прасторы «шэрай зонай» у выглядзе непрызнанай ПМР — не была простай. Рэспубліка некалькі разоў магла скаціцца назад да аўтарытарнага ладу (нават першыя прэзідэнцкія выбары аказаліся, у адрозненне ад пераважнай большасці постсавецкіх краін, безальтэрнатыўнымі), але змагла ўтрымацца ў рэчышчы дэмакратычнага развіцця. Што чакае краіну далей — сказаць цяжка, улічваючы, што пасля пачатку расійскага ўварвання турбулентнасць у рэгіёне ўзрасла шматкроць. Аднак можна ўпэўнена канстатаваць, што ў Малдове ўсталявалася досыць трывалая электаральная дэмакратыя, а еўрапейскі выбар Кішынёва грамадства ў цэлым падтрымлівае.