Падобна да таго, што на фронце вайны ва Украіне расійскія ВКС пачалі часцей выкарыстоўваць (і часцей страчваць) свае найлепшыя ўдарныя верталёты Ка-52 «Алігатар». Брытанская разведка заявіла, што з пачатку канфлікту Расія страціла ўжо чвэрць усяго свайго парку гэтых машын. Крыніцы, звязаныя з УСУ, апошнімі днямі таксама ўсё часцей рапартуюць пра збітыя «Алігатары». Разбіраемся, ці сапраўды Ка-52 пачалі падаць часцей, і калі так, то ў чым можа быць прычына.
Адкуль мы ведаем, што Ка-52 пачалі збіваць часцей?
Украінскія вайскоўцы ў апошнія тыдні пачалі ўсё часцей рапартаваць пра збітыя «Алігатары» — у прыватнасці, 24 кастрычніка было заяўлена пра знішчэнне адразу трох машын. Разведка Вялікабрытаніі 25 кастрычніка паведаміла пра тое, што з 90 наяўных у распараджэнні для вайны з Украінай Ка-52 знішчаная ўжо прыкладна чвэрць (то-бок больш за 20 машын).
Нідэрландскі сайт Oryx, які спецыялізуецца на падліку стратаў баявой тэхнікі па адкрытых крыніцах з фота- або відэапацверджаннямі, дае практычна такую ж статыстыку — з 24 лютага аўтарам рэсурсу ўдалося пацвердзіць 23 знішчаныя «Алігатары». Пяць ці шэсць з гэтых верталётаў былі знішчаныя пачынаючы з другой паловы верасня — гэта амаль чвэрць стратаў за ўсю вайну. Рэальныя страты РФ могуць быць большыя — зусім не заўсёды збітыя лётныя апараты падаюць туды, дзе іх лёгка зняць для пацверджання страты.
Што сабой уяўляе Ка-52
Нягледзячы на тое што Ка-52 «Алігатар» — самы сучасны верталёт расійскай арміі і стаіць на ўзбраенні крыху больш за 10 гадоў (з 2011-га), гэта распрацоўка яшчэ часоў Савецкага Саюза. У сямідзясятыя гады Саўмін СССР устурбаваўся з нагоды таго, што ў арміі краіны, па сутнасці, няма паўнавартаснага ўдарнага верталёта. Галоўнай вінтакрылый машынай савецкай імперыі быў знакаміты Мі-24, зроблены па канцэпцыі «лятучай БМП». Верталёт мог і знішчаць варожую бронетэхніку, і перавозіць і дэсантаваць пяхоту. Пры гэтым рабіў і тое, і тое недастаткова эфектыўна.
У ЗША ж тым часам выпрабоўвалі легендарны цяпер AH-64 «Апач «- магчыма, ён і да сёння застаецца найлепшым ударным верталётам у свеце. А на той момант у СССР наогул не было нічога падобнага па магчымасцях. Таму ў 1976 годзе быў абвешчаны конкурс на стварэнне спецыяльнай ударнай машыны, «забойцы танкаў». У ім узялі ўдзел два галоўныя верталётныя канструктарскія бюро СССР: КБ імя Міля і ЭКБ «Камаў». Калі першыя ўжо стварылі нямала мадэляў для савецкай арміі (Мі-24 і Мі-8 і сёння стаяць на ўзбраенні, у тым ліку ў Беларусі), то бюро Камава спецыялізавалася да гэтага толькі на марскіх верталётах.
Асаблівасцю «камаўскай» машыны стала так званая сувосевая схема размяшчэння апорных вінтоў. Верталёт не мае рулявога вінта ў хвасце, затое над апорным вінтом зверху круціцца яшчэ адзін такі ж. Гэта дазваляе падымацца вышэй і набіраць вышыню хутчэй, памяншае вібрацыю корпуса (і пілотам становіцца лягчэй цэліцца). Пілоты верталётаў сувосевай схемы могуць адчуваць сябе ў трохі большай бяспецы — у машыны менш уразлівых месцаў (пры традыцыйнай схеме саперніку дастаткова трапіць ракетай у рулявы вінт у хвасце, каб машына страціла кіраванне). Ёсць у такой схемы і недахопы, але яны некрытычныя.
Яшчэ адной асаблівасцю машыны стала скарачэнне экіпажа да аднаго чалавека. Звычайна ў верталёце сядзяць двое: адзін пілатуе, другі страляе. Аднак у КБ «Камаў» вырашылі, што сучасныя прыборы даюць пілоту дастаткова магчымасцяў, каб ён мог кіраваць і сістэмамі ўзбраення. Аднамесную машыну можна было зрабіць меншай, лягчэйшай (што дазваляла павесіць больш брані) і рыхтаваць менш спецыялістаў для верталётнага парку.
У 80-х верталёт Камава выйграў конкурс у машыны Міля, і было вырашана, што будучай асноўнай баявой машынай СССР будзе менавіта «камаўская» мадэль, якая атрымала назву Ка-50 «Чорная акула». Аднак Саюз распаўся раней, чым паступіў у войскі новы верталёт. Толькі ў 1995 годзе Ка-50 прынялі на ўзбраенне, ды і тое, з прычыны татальнага безграшоўя дзевяностых, яго закуплялі малымі партыямі. Верталёт паспеў паўдзельнічаць у другой чачэнскай вайне — і эксплуатацыя машыны паказала, што адзін член экіпажа з усімі сістэмамі ўсё ж не спраўляецца. На «Чорную акулу» дадалі яшчэ аднаго чалавека, захаваўшы амаль усю канструкцыю ранейшай. Так і атрымаўся Ка-52 «Алігатар».
Гэты браніраваны верталёт прызначаны для ўдараў па жывой сіле і бранятэхніцы. Ён узброены 30-міліметровай аўтаматычнай гарматай, блокамі некіравальных авіяцыйных ракет і можа несці рознае кіравальнае ўзбраенне (напрыклад, супрацьтанкавыя ракеты «Атака» і «Віхор» з далёкасцю каля 10 кіламетраў). Верталёт абсталяваны сістэмамі агляду, дзённымі і начнымі прыцэламі, радыёлакацыйнай станцыяй. Каб павысіць абароненасць машыны, выкарыстоўваецца не толькі браня, але і так званы комплекс бартавой абароны «Віцебск».
Калі на Ка-52 нацэлілася ракета, «Віцебск» апавяшчае пра лазернае апраменванне (калі боепрыпас наводзіцца па лазерным промні), ставіць перашкоды (замінаючы наводзіцца ракетам з саманавядзеннем па радары) або адстрэльвае цеплавыя пасткі (імкнучыся «падмануць» ракеты з цеплавой галоўкай саманавядзення).
Унікальнай асаблівасцю Ка-52 з’яўляецца сістэма эвакуацыі экіпажа: калі машына падбітая, пілоты могуць адстрэліць вінты свайго верталёта загадзя ўсталяваным зарадам выбухоўкі, а потым катапультавацца разам з крэсламі ўверх. Такі ход дае значна больш шанцаў выжыць верталётчыкам, нават калі машыну падбілі.
Словам, Ка-52 аказаўся цалкам удалай і сучаснай машынай. Што не перашкодзіла КБ імя Міля, які прайграў конкурс, працягнуць на ўзбраенне расійскай арміі і свой верталёт Мі-28 «Начны паляўнічы». Цяпер у ВС РФ два верталёты з амаль аднолькавымі функцыямі. Практычнага сэнсу ў гэтым ніякага — мабыць, рэч у лабізме.
Паводле дадзеных аўтарытэтнага ваеннага выдання Military Balance, на 2022 год у расійскай арміі было 133 Ка-52 «Алігатар». Хутчэй за ўсё, ва Украіне ваююць далёка не ўсе машыны — да прыкладу, вясной расійскія выданні пісалі пра сутыкненне двух верталётаў неназваных мадэляў пад Саратавам, прычым паведамлялася, што пілоты катапультаваліся. Але паколькі адзіны ў свеце верталёт з катапультай — гэта Ка-52, то адназначна можна канстатаваць, што крушэнне ўдалечыні ад фронту пацярпеў менавіта «Алігатар» (яшчэ магчымасць катапультавання была на Ка-50, аднак серыйна ён не вырабляецца).
Як збіваюць найлепшыя верталёты Расіі
Гэта робяць з самай рознай зброі, уключаючы нават мадэлі, прызначаныя абсалютна для іншага. Да прыкладу, вядома як мінімум пра некалькі выпадкаў знішчэння Ка-52 з украінскага супрацьтанкавага ракетнага комплексу «Стугна». Часам па верталётах страляюць нават з сістэм сярэдняй далёкасці «Бук-М1» (можна ўбачыць у роліку ніжэй), аднак яны відавочна больш патрэбныя ўкраінцам, каб трымаць на адлегласці расійскія самалёты і збіваць крылатыя ракеты.
У асноўным Ка-52 нясуць страты ад агню пераносных зенітна-ракетных комплексаў. Гэта найбольш масавыя супрацьпаветраныя сістэмы УСУ, прызначаныя для стральбы па нізкіх мэтах — а верталёты лётаюць якраз даволі нізка. Для знішчэння расійскіх «Алігатараў» украінцы выкарыстоўваюць тактыку, якая з’яўляецца часткай так званай сеткацэнтрычнай вайны.
Яна заснаваная на шырокім выкарыстанні беспілотнікаў і хуткай перадачы інфармацыі па інтэрнэце. Над лініяй фронту пастаянна вісяць БПЛА — як толькі іх оптыка заўважае верталёты (а ў небе схавацца няма дзе), звесткі пра тое, хто і дзе лётае, паступаюць зенітчыкам. Узброеныя гэтымі ведамі і ПЗРК, найбліжэйшыя сілы СПА знаходзяць верталёт і спрабуюць яго збіць. Выглядае гэта вось так (на кадрах ясна відаць, што дроны апынуліся паблізу ад Ка-52 невыпадкова, назіранне вялося сістэмна, прычым з розных беспілотнікаў).
З вясны расійскія верталёты, як мы неаднаразова расказвали, выкарыстоўвалі так званую стральбу з кабравання — запуск некіравальных ракет па напрамку наперад-уверх, задраўшы нос машыны. Гэта дазваляе дамагчыся большай далёкасці стральбы — пры калянулявой дакладнасці. Тактыка мае адзіны плюс — яна дазваляе трымацца па-за зонай дзеяння ўкраінскіх ПЗРК і тым самым захоўваць верталёты і жыцці пілотаў.
Аднак карысці ад такога «расстрэльвання неба» ракетамі няшмат, трапіць у цэль можна хіба што выпадкова. Верталёт дзейнічае як слабая РСЗА (праз малы калібр ракет), аднак палёт Ка-52 абыходзіцца нашмат даражэй, чым выкарыстанне грузавіка Урал-4320, на якім замантаваныя РСЗА «Град». Акрамя таго, рэсурс любога авіярухавіка не вечны, і выкарыстоўваць машыну для такіх «салютаў» занадта марнатраўна. Тым не менш гэтая практыка працягваецца, хоць магчымасці Ка-52 для яе відавочна залішнія.
Аднак страляць з кабравання добра толькі тады, калі можна проста ўдарыць па невядомых мэтах, не асабліва клапоцячыся пра вынік. Але ў апошнія месяцы УСУ наносілі расійскай арміі адчувальныя паразы, і армейскай авіяцыі РФ воляй-няволяй даводзіцца часам падтрымліваць сваю пяхоту нападамі па канкрэтныя наземныя мэты.
Пры гэтым, у адрозненне ад украінскіх вайскоўцаў, расійскія пілоты верталётаў не маюць аператыўнай сувязі з пяхотай і цэлеўказання ад іх. Таму яны вымушаныя падоўгу знаходзіцца над полем бою, даючы аператарам ПЗРК украінскага войска магчымасць біць па сабе. Пры нармальным цэлеўказанні верталётам не давялося б заходзіць у зону дзеяння пераносных зенітна-ракетных комплексаў: асноўныя расійскія кіраваныя ракеты «Атака» і «Віхор» маюць далёкасць 8−10 кіламетраў (ПЗРК на такую адлегласць не дастаюць).
Аднак падобна, што расійскія верталётчыкі толкам не ведаюць, куды біць. Так, у верасні «Алігатары» нанеслі ў Запарожскай вобласці ўдар «Віхрамі» па аб’екце, які палічылі баржай з украінскімі дэсантнікамі. Аднак аказалася, што гэта ўсяго толькі апора старога моста часоў Другой сусветнай.
Тут рашисти кажуть що знищили баржу з десантом. Але це опора для моста поблизу Кам’янка-Дніпровська. Тільки птахам зіпсували відпочинок.
47.516334, 34.381451 pic.twitter.com/wf6KRMP7OX
— Промисловий Портал (@ua_industrial) September 14, 2022
Магчыма, актывізацыя ўдзелу расійскіх верталётаў у баявых дзеяннях звязаная з тым, што Расія страчвае перавагу ў артылерыі — у першую чаргу на Херсонскім напрамку, дзе войскі РФ адрэзаныя ад сваіх баз шырокім Дняпром. Выкарыстанне авіяцыі як эрзац-артылерыі магчымае, але гэта дорага і небяспечна. Збіць верталёт з ПЗРК нашмат прасцей і танней, чым здушыць зброю кіраваным снарадам з гарматы або ракетай РСЗА HIMARS.
Пра тое, што расіяне спрабуюць выкарыстоўваць авіяцыю як сродак падтрымкі ва ўмовах недастатковай шчыльнасці агню артылерыі, піша ўкраінскі ваенны эксперт Аляксандр Каваленка, адзначае гэта і брытанская выведка. У ведамстве лічаць, што Расіі па-ранейшаму не ўдаецца падтрымліваць дастатковую перавагу ў паветры, каб ажыццяўляць эфектыўную авіяцыйную падтрымку паблізу лініі фронту, а яе артылерыйскія боепрыпасы заканчваюцца.
Пры гэтым ахоўныя сістэмы «Алігатара» — у першую чаргу комплекс бартавой абароны «Віцебск» — мяркуючы па ўсім, паказваюць сябе горш, чым чакалася. Так, падчас знішчэння чарговага Ка-52 з ПТРК «Стугна» абаронны комплекс, падобна, не змог ні папярэдзіць пілотаў пра лазернае апраменьванне, ні падмануць ракету з дапамогай перашкод. І такое здараецца часта.
Падобна да таго, што расійскія верталёты Ка-52, дастаткова добрыя і сучасныя ў прынцыпе машыны, не могуць эфектыўна выкарыстоўвацца самі па сабе — без добрай разведкі, аператыўнай сувязі з пяхотай, якая давала б цэлеўказанне, без разумення, куды страляць. Калі ва ўмовах замерлых франтоў і адсутнасці контратак УСУ з іх дапамогай можна было проста імітаваць бурную дзейнасць, выпускаючы ракеты ў неба, то цяпер, падобна, Ка-52 даводзіцца аказваць рэальную падтрымку сваёй пяхоце. Ва ўмовах адсутнасці многіх важных звёнаў армейскай сістэмы высокія тактычна-тэхнічныя характарыстыкі «Алігатараў» проста не дапамагаюць. А таму гвалтоўнае «прызямленне» Ка-52, верагодна, працягнецца.
Чытайце таксама


