У Мінску вынеслі прысуд 54-гадоваму раней судзімаму мясцоваму жыхару, якога абвінавачвалі ў асабліва злосным хуліганстве за тое, што ён тры разы ўдарыў нажом чалавека, які зрабіў яму заўвагу з нагоды смецця, расказалі ў пракуратуры Кастрычніцкага раёна, пішуць «Мінск-Навіны».
У той вечар фігурант з прыяцелямі выпіваў і капаўся ў смеццевых кантэйнерах ля дома на вуліцы Рабкораўскай. Мінак зрабіў заўвагу наконт таго, што мужчына выкідвае адкіды з бакаў.
Нецвярозаму мінчуку гэта не спадабалася, ён дастаў з кішэні нож, пачаў ім размахваць перад мінаком, пагражаў, а пасля двойчы ўдарыў нажом у вобласць перадплечча і адзін раз — у твар. Мінак не чакаў такога, страціў раўнавагу і ўпаў, аднак потым хутка зарыентаваўся, падняўся і забег у медыцынскі цэнтр, які знаходзіўся недалёка ад яго. Там мужчыну выклікалі хуткую.
Нападніка затрымалі, у дачыненні да яго распачалі крымінальную справу. Віну ён прызнаў часткова.
Вядома, што хуліган працуе прыбіральшчыкам, раней тры разы быў судзімы, у тым ліку за такі ж напад.
У выніку суд прызнаў яго вінаватым у асабліва злосным хуліганстве і пакараў пазбаўленнем волі на 7,5 года з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму. Акрамя таго, яго адправяць на прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.