Суд Цэнтральнага раёна Мінска вынес прысуд 32-гадоваму жыхару сталіцы, які здымаў відэа ў TikTok, паведамілі ў пракуратуры Мінска. Блогеру далі два гады «хіміі» і штраф за абразлівыя ролікі пра супрацоўніцу крамы, якія завірусіліся ў сацсетцы.
У кастрычніку 2023-га мінчук запісаў відэа з кадрамі «вонкавага фасада будынка, памяшкання крамы і яго супрацоўнікаў». Як адзначаецца ў справе, ён выкарыстаў для гэтага «малазначную нагоду — парушэнні, якія нібыта мелі месца ў працы адной з крамаў буйной гандлёвай сеткі і яе супрацоўнікаў», у прыватнасці, канкрэтнай аператаркі гандлёвага пункта.
«Без згоды пацярпелай абвінавачаны сабраў інфармацыю пра яе персанальныя звесткі — фота- і відэавыявы, звесткі пра месца працы, пасля чаго размясціў такія звесткі ў тэлеграм-канале», — расказалі ў пракуратуры.
Ролік у TikTok мужчына суправадзіў «абразлівымі каментарамі на адрас пацярпелай».
У снежні 2023-га, пасля таго як жанчына звярнулася да сілавікоў, мужчына «з помсты распаўсюдзіў у тэлеграм-канале прозвішча і ініцыялы пацярпелай са сваімі абразлівымі каментарамі».
Як палічыла следства, «супрацьпраўныя дзеянні нанеслі шкоду правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелай». Супрацоўніца крамы зазнала хейт у сацсетках, яе абражалі і кпілі з яе, даставалася і блізкім. Да прыкладу, адзінаццацігадовая дачка жанчыны сутыкнулася з цкаваннем у школе і вымушаная была наведваць псіхолага.
На судзе абвінавачаны прызнаў сябе вінаватым. Ён растлумачыў, што такім чынам зафіксаваў парушэнні ў працы гандлёвай сеткі і хацеў абараніць правы спажыўцоў.
Паводле ч. 1, 2 арт. 203−1 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальных звестках) мужчыну прызначылі «хімію» — абмежаванне волі са скіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады. Ён таксама атрымаў штраф у памеры 300 базавых велічынь (12 тысяч рублёў).
Прысуд не ўступіў у законную сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны.
Нагадаем, раней у Следчым камітэце расказвалі, што «асноўнай мэтай фігуранта было знайсці пратэрмінаваны тавар, парушаную цэласнасць упакоўкі прадукту ці зладзіць скандал з нагоды недастаткова „чыстай“ гандлёвай зоны».
Мяркуючы з раскладу судовых паседжанняў, завуць блогера Дзяніс Тамашэвіч. Раней мужчына быў вядомы як заснавальнік псеўдадабрачыннага фонду «Твори добро».