Расійская праўладная спявачка Ларыса Доліна пацвердзіла, што стала ахвярай ашуканцаў. На яе кватэру накладзены арышт, распачатая крымінальная справа. Самі ж зламыснікі, паводле спявачкі, «знаходзяцца на тэрыторыі Украіны».

«Я стала ахвярай аўуканцаў. У дачыненні да мяне здзейсненыя вельмі вышуканыя і спланаваныя махлярскія дзеянні», — заявіла Ларыса Даліна, дадаўшы, што зламыснікі выклалі ў сацсетках нібыта ад яе «зварот жахлівага характару».
Яна расказала, што па факце інцыдэнту ў Расіі распачатая крымінальная справа, сама спявачка прызнана пацярпелай, а на яе кватэру накладзены арышт. Доліна таксама заявіла са спасылкай на вынікі папярэдняга следства, што «ашуканцы знаходзяцца на тэрыторыі Украіны».
Раней у Instagram-акаўнце Долінай з’явілася паведамленне пра тое, што яна прадала сваю кватэру за 112 мільёнаў расійскіх рублёў (больш за 1,2 млн даляраў), а таксама заклала лецішча за 50 мільёнаў рублёў (каля 550 тысяч даляраў), каб перавесці грошы ўкраінскай брыгадзе «Азоў». Заканчваўся пост словамі пра тое, што рэшту жыцця Доліна хоча пражыць у Адэсе. Цяпер пост выдалены.
Паводле інфармацыі SHOT, спявачка таксама аддала зламыснікам больш за 100 млн расійскіх рублёў (1,075 млн даляраў).
Канал сцвярджае, што кватэру артысткі купіла 34-гадовая самотная маці з Масквы, і цяпер менавіта яна — афіцыйная ўласніца нерухомасці. Правяраецца інфармацыя пра тое, што жанчына сама магла стаць ахвярай махляроў.
Нагадаем, ураджэнка Адэсы (Украіна) Ларыса Доліна неаднаразова выказвалася ў падтрымку аннксіі Крыма і поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны. У студзені мінулага года Украіна ўключыла спявачку ў санкцыйны спіс «за наведванне акупаваных тэрыторый пасля пачатку ўварвання, удзел у прапагандысцкіх канцэртах, публічную падтрымку вайны і рэжыму Пуціна».
3 лютага 2023 года Доліну ўключылі ў санкцыйны спіс Канады за датычнасць да распаўсюду расійскай дэзінфармацыі і прапаганды.