Беларус у гідракасцюме плыў у Літву са звязкам з 20 упаковак кантрабандных цыгарэт. Яго затрымалі, паведамілі ў памежнай службе Літвы.
Інцыдэнт адбыўся ўвечары ў суботу, 27 ліпеня. Відэакамеры, усталяваныя на літоўска-беларускай мяжы, «зафіксавалі рух чалавека ў бок Літвы з суседняй Беларусі па рацэ». Памежнікі, якія прыбылі на месца, убачылі ў вадзе мужчыну ў гідракасцюме, які транспартаваў груз з 20 прастакутных скрыняў, перавязаных чорнай поліэтыленавай плёнкай.
У скрынках знайшлі 10 000 пачкаў цыгарэт беларускіх марак. Мужчына паспрабаваў уцячы ад памежнікаў, але яго затрымалі. Парушальнік растлумачыў, што цыгарэты яму перадаў напарнік.
«У мужчыны не было дакументаў, якія пацвярджаюць яго асобу і грамадзянства, таму яго даставілі на памежны пункт. <…> Ён ужо вядомы праваахоўнікам, бо раней быў судзімы за такое ж злачынства», — паведамілі ў памежнай службе Літвы.
Па гэтым факце распачатае дасудовае расследаванне. Парушальніку пагражае штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.