На захадзе Масквы (Расія) невядомы ў балаклаве застрэліў 35-гадовага мужчыну і ўцёк. Як паведамляе ТАСС са спасылкай на МУС, гэта было заказное забойства.
Інцыдэнт адбыўся 6 чэрвеня ў раёне Філі-Давыдкава на вуліцы Аляксея Свірыдава. На відэа, якія апублікавалі расійскія тэлеграм-каналы, можна заўважыць, як мужчына спакойна зрабіў некалькі стрэлаў у чалавека, што ляжаў на зямлі, а потым сышоў з месца здарэння.
«Паводле звестак відавочцаў, злачынец пераследаваў сваю ахвяру па дварах», — піша тэлеграм-канал «112».
Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта было заказное забойства. Злачынец высочваў канкрэтнага чалавека, выбраў момант і зрабіў некалькі стрэлаў. Ахвяра атрымала раненні ў галаву і цела.
«Кілер схаваўся ў дварах. Абвешчаны план „Перахоп“. Па трывозе паднятыя дадатковыя сілы паліцыі», — удакладняе «112».
Як паведамляе тэлеграм-канал Mash, ад стралка цудам выратавалася жанчына з малагадовымі дочкамі. Яна расказала выданню, што ўбачыла «чалавека ў масцы з аўтаматам у руках — ён бег і страляў у мінакоў». Разам з 5-месячнай і 9-гадовай дзяўчынкамі яна пабегла прэч.