Паліцэйскія ў Кракаве за захоўванне і распаўсюд наркотыкаў затрымалі 20-гадовага хлопца з Беларусі. Ён арыштаваны, яму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі, паведамілі ў прэс-службе паліцыі.
Паліцэйскія атрымалі інфармацыю, што малады чалавек робіць «закладкі» з наркотыкамі. Адзін з такіх скруткаў аператыўнікі знайшлі ў адной са схованак. У гэты ж дзень яны ўбачылі ў горадзе і падазраванага. Апошні паспрабаваў уцячы ад паліцэйскіх, але быў затрыманы.
Высветлілася, што гэта 20-гадовы грамадзянін Беларусі. Пры сабе ў яго быў 51 загорнуты ў ізастужку скрутак з мефедронам агульнай вагой каля 200 грамаў, а таксама рыдлёўка з драўлянай ручкай.
У кватэры хлопца правялі ператрус і знайшлі яшчэ каля 600 заклееных ізастужкай скруткаў. У іх былі какаін, метамфетамін, мефедрон, MDMA і марыхуана агульнай вагой каля 2 кг.
Беларусу выставілі абвінавачанне ў захоўванні і распаўсюдзе наркотыкаў. За ўчыненае злачынства яму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Суд адправіў яго на тры месяцы пад варту.