У судах працягваюцца разбіральніцтвы, звязаныя з кампаніяй «КСБ Виктори Рестораны». Фірма кіруе ў Беларусі ўстановамі «МАК.by» — гэта былыя рэстараны McDonald’s. Гэтым разам судовае паседжанне прызначанае ў Вярхоўным судзе. Пра гэта гаворыцца на сайце суда.

Так, на 10 студзеня ў Вярхоўным судзе прызначанае паседжанне па пазове Дзяржкаммаёмасці. Адказчыкі — кампаніі «КСБ Виктори Рестораны» і яе «мама» — Ksb victory restaurants pte. Ltd. (яна базуецца ў Сінгапуры). Пазоў датычыць прыпынення дзейнасці па заявах кантралявальных органаў. Паседжанне будзе праходзіць у закрытым фармаце.
Пазоў будуць разглядаць у касацыйным парадку. Відавочна, будзе аспрэчвацца пастанова Эканамічнага суда Мінскай вобласці. Тут 29 верасня 2023 года праходзіла паседжанне пра прыпыненне дзейнасці кампаній, якія кіруюць рэстаранамі хуткага харчавання «МАК.by». Што тады вырашыў суд, невядома.
Цяпер рэстараны працуюць, мяркуючы з сацыяльных сетак і сайта кампаніі. Пра іх закрыццё або прыпыненне дзейнасці не паведамлялася.
Як развівалася гісторыя з McDonald’s у Беларусі
Установы «МАК.by» — гэта былыя рэстараны McDonald’s. Як стала вядома 11 лістапада 2022 года, McDonald’s пакідае беларускі рынак. Было абвешчана, што яго месца зойме расійская сетка фастфуду «Вкусно — и точка», адкрытая ў памяшканнях McDonald’s пасля яго закрыцця ў Расіі.
Меркавалася, што рэстараны пад брэндам «Вкусно — и точка» пачнуць працаваць у Беларусі 22 лістапада. Але 18 лістапада, каментуючы сыход McDonald’s, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго месца мусяць заняць беларускія прадпрыемствы і вытворцы.
А раніцай 28 лістапада рэстараны запрацавалі без шыльдаў McDonald’s ці «Вкусно — и точка». З таго часу ўстановы юрыдычнай асобы «КСБ Виктори Рестораны» працавалі пад незразумелым брэндам «Мы открыты», аднак з новым меню, якое не ўсім прыйшлося даспадобы.
12 снежня 2022 года Аляксандр Лукашэнка назваў McDonald’s «нашым прадпрыемствам».
У красавіку 2023 года кампанія «КСБ Виктори Рестораны» падала заяўку на рэгістрацыю новага таварнага знака, пасля чаго сетка рэстаранаў хуткага харчавання змяніла назву на «МАК.by».
Чытайце таксама