У беларусаў будзе тры выходныя на навагоднія святы. Што трэба ведаць работнікам пра аплату ў выходныя
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Беларусаў чакаюць тры выходныя дні — 31 снежня, 1 і 2 студзеня. «Люстэрка» паглядзела, колькі гадзін беларусы будуць працаваць у студзені пры пяцідзённым працоўным тыдні і «шасцідзёнцы», а таксама якія выплаты належаць за выхад у змену ў выходны дзень.

Фото: pixabay.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pixabay.com

Колькі будзе працоўных гадзін у студзені

У Мінпрацы тлумачаць, што на студзень разліковая норма працоўнага часу пры 40-гадзінным працоўным тыдні будзе адрознівацца для «пяцідзёнкі» і «шасцідзёнкі».

Так, пры пяцідзённым працоўным тыдні з выходнымі днямі ў суботу і нядзелю ў студзені будзе 167 гадзін, а пры «шасцідзёнцы» — 161 гадзіна (выхадны ў нядзелю).

Для параўнання: у лютым разліковая норма працоўнага часу ў абодвух выпадках складзе 140 гадзін, а ў сакавіку — 153 і 151 гадзіну адпаведна.

Як павінныя аплачваць працу ў святочны дзень

Працоўным кодэксам прадугледжана, што за кожную гадзіну працы ў дзяржаўныя
святы, святочныя і выходныя дні звыш зарплаты, якая налічваецца за гэты час, ажыццяўляецца даплата, удакладняюць у Мінпрацы.

«Работнікам са здзельнай аплатай працы — не ніжэй за здзельныя расцэнкі, работнікам з пагадзіннай аплатай працы — не ніжэй за гадзінныя тарыфныя стаўкі (тарыфныя аклады), аклады, — адзначаюць у ведамстве. — Канкрэтны памер даплаты ў бюджэтных арганізацыях і іншых арганізацыях, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваныя па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, усталёўваецца
ўрадам, у іншых арганізацыях — працоўнай дамовай і (або) лакальным прававым актам».

За працу ў звышурочны час і выходныя дні засмест даплаты са згоды работніка можа давацца іншы неаплатны дзень адпачынку. Пры гэтым за гадзіны працы ў звышурочны час адзін неаплатны дзень адпачынку даецца з разліку 8-гадзіннага працоўнага дня (адзін дзень адпачынку за 8 гадзін працы ў звышурочны час).