У дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча Аршанскай школе №3 прысвоілі яго імя. Менавіта ў гэтую школу пісьменнік пайшоў у першы клас у 1938 годзе. Пра гэта паведамляе выданне «Витебские вести».

У сувязі з прысваеннем школе імя вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, на будынку адкрылі мемарыяльную дошку. Але яна цалкам на рускай мове, акрамя цытаты пісьменніка.
Ураджэнец Оршы Караткевіч правёў у гэтым горадзе сваё дзяцінства, за выключэннем эвакуацыі ў перыяд Другой сусветнай вайны.
У цырымоніі адкрыцця мемарыяльнай дошкі прынялі ўдзел супрацоўнікі і вучні школы, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, пляменніца Караткевіча Алена Сінькевіч. Яна падарыла школе кнігі Уладзіміра Сямёнавіча.
26 лістапада спаўняецца 92 гады з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка.